АФАНА́СЬЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі энеаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да нашай эры) у вярхоўях Енісея і на Алтаі. Назва ад могільніка каля гары Афанасьеўская недалёка ад в. Бацяні (Хакасія). Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у драўляных паўзямлянках і наземных зрубных жытлах. Была развіта апрацоўка медзі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным стане, у спушчаных у яму зрубах пад землянымі насыпамі ці каменнымі вымасткамі. Для афанасьеўскай культуры характэрны вастрадонны ці кругладонны яйцападобны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні разным ці штампаваным арнаментам. Носьбіты афанасьеўскай культуры ў антрапал. і культ. дачыненні былі крайняй усх. галіной еўрапеоідных плямёнаў Еўразіі.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)